БЕ́ЛЫ НІЛ,

Бахр-эль-Аб’яд, назва р. Ніл у Судане, ад месца ўпадзення левага прытока р. Эль-Газаль да вусця Блакітнага Ніла. Даўж. 957 км, пл. бас. 1059 тыс. км². Важны прыток р. Собат (у час паводкі прыносіць шмат завіслага матэрыялу, які надае вадзе белаватае адценне; адсюль назва). Ад вусця Собата да вусця Блакітнага Ніла цячэнне запаволенае. Сярэдні расход вады ў вярхоўі каля 450 м³/с, ніжэй упадзення Собата павялічваецца да 800 м³/с (макс. — да 1500 м³/с). За 40 км ад г. Хартум — плаціна Гебель-Аулія. Воды Белага Ніла выкарыстоўваюцца на арашэнне. Рыбалоўства. Суднаходства.

т. 3, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)